У Беларусі і Расіі 2 красавіка штогод на дзяржаўным узроўні адзначаюць Дзень яднання народаў.
2 красавіка 1996 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім было вырашана стварыць палітычна і эканамічна інтэграваную супольнасць у мэтах аб'яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Падпісалі дакумент у Маскве Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын. Праз год, 2 красавіка 1997 года, у Маскве Прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. З таго часу 2 красавіка адзначаецца як Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
23 мая 1997 года адбылося падпісанне Статута Саюза Беларусі і Расіі, у адпаведнасці з якім былі ўтвораны Вышэйшая рада і Выканаўчы камітэт Саюза Беларусі і Расіі. У 1997-1998 гадах адбылося фармаванне выканаўчых органаў Саюза, агульнага бюджэту, была ажыццёўлена распрацоўка і рэалізацыя першых саюзных праграм. Утвораны Пагранічны і Мытны камітэты, Камітэт па пытаннях бяспекі.
8 снежня 1999 года ў Маскве адбылося падпісанне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (СД), была прынята Праграма дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі яго палажэнняў. 26 студзеня 2000 года, пасля ратыфікацыі Дагавора парламентамі дзвюх краін, ён уступіў у сілу.
У цяперашні час у адпаведнасці з Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы сфарміраваны і функцыянуюць Вышэйшы дзяржаўны савет, Савет Міністраў і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы.
Функцыі парламента Саюзнай дзяржавы выконвае Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Вышэйшым органам Саюзнай дзяржавы з'яўляецца Вышэйшы дзяржаўны савет (ВДС). У яго склад уваходзяць кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ўрадаў, кіраўнікі палат парламентаў дзяржаў - удзельніц. ВДС вырашае важнейшыя пытанні развіцця Саюзнай дзяржавы, утварае органы кіравання, зацвярджае бюджэт і міжнародныя дагаворы, выконвае іншыя функцыі.